КІ́РХГОФА ЗАКО́Н ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

адзін з асноўных законаў цеплавога выпрамянення, які ўстанаўлівае залежнасць паміж вылучэннем і паглынаннем эл.-магн. выпрамянення целам пэўнай т-ры. Устаноўлены Г.Р.Кірхгофам у 1859. Паводле К.з.в. адносіны выпрамяняльнай здольнасці ε(λ,Τ) цела да яго паглынальнай здольнасці α(λ,Τ) не залежаць ад прыроды выпрамяняльнага цела і з’яўляюцца універсальнай функцыяй даўжыні хвалі λ (або частаты ν) і абс. т-ры Τ: ε(λ,Τ)/α(λ,Τ) = ε​0(λ,Τ). Функцыя ε​0 з’яўляецца выпрамяняльнай здольнасцю абсалютна чорнага цела, для якога α(λ,Τ)=1 і ў яўным выглядзе вызначаецца Планка законам выпрамянення.

т. 8, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)